У Кіркілішках аднавілі містэрыю Ільна. Усе аперацыі, засведчаныя ў фальклоры. І гэта круцей, чым крыжовы шлях Хрыста.

Надзвычай цікавая мастацкая падзея адбылася тыдзень таму ва Ўсходняй Літве. На хутары Кіркілішкі у Зарасайскім раёне (на Зарасайскіх азёрах штогод ладзіцца музычны фэст Mėnuo Juodaragis) аднавілі містэрыю Льна.

Гэта сапраўдная містэрыя без каліва перабольшання. Народны фальклор (як Літвы, так і Беларусі) рупліва захоўвае надзвычайна напружанае ўспрыманне працаў з ільном. Ёсць нават паняцце «мукі ільна«, бо лён церпіць шэраг «пакутаў» перад тым як ператвараецца з расліны ў тканіну — яго рэжуць, абдзіраюць, мочаць, б’юць і г.д. У адным латышскім тэксце захавана ажно больш за трыццаць аперацый з ільном. Нездарма «мукі ільна» пералічваюць, каб выйсці з лесу, калі заблукаў.

У Кіркілішках аднавілі гэтую містэрыю літаральна — так, як Лён абспеўваецца ў фальклоры. Ці рабілі такую інсцэніроўку даўней — невядома. Але вядома, што, напрыклад, у 15 стагоддзі на захадзе Літвы зафіксаваны такі бог ільна Вайжгантас і падрабязна занатаваны нават абрад у яго гонар. Слынны расійскі навуковец Уладзімір Тапароў на грэцкім, ірландскім і балцкім матэрыяле паказвае, што быў такі персанаж — Лінас (Лён).

Што да Вайжгантаса, дык прыкметна, што пад нашымі Баранавічамі ёсць вёска Важгінты. Хоць яе заснавалі перасяленцы з жамойцкага Расенскага краю (дарэчы, яны перасяліліся сюды ўсяго праз трыццаць гадоў пасля таго, як тая хроніка з Вайжгантам была надрукавана), але такую назву маем.

Звяртае на сябе ўвагу, наколькі адноўленая ў Кіркілішках містэрыя нагадвае тое, што ў Менску з нядаўняга часу (калі мітрапалітам з Расіі прызначылі Тадэвуша Кандрусевіча) публічна паказваюць каталікі — таксама рэканструююць «крыжовы шлях» Хрыста, за пераапранутымі акторамі паства ідзе на Кальварыйскія могілкі (гэта для іх «Галгофа»). Сапраўды, Хрыстовы пакуты — гэта атрыбутыка міжземнаморскага «боства, якое памірае і ўваскрасае». У нас гэта ўвасобілася ў «мукі ільна». Так у нас перажывалі стварэнне вопраткі.

Арганізатар містэрыі ў Кіркілішках — малады літоўскі мастак Жыльвінас Даніс. На сваім хутары вось ужо чацвёрты год ён ладзіць мастацкія містэрыі, угрунтаваныя ў фальклорным і міфалагічным матэрыяле. Запрашае фалькларыстаў і моладзь з Прыбалтыкі і Еўропы, таксама чытаюць лекцыі.







Поиск

Журнал Родноверие