У прускай Галіндыі, што цяпер знаходзіцца на тэрыторыі паўночна-ўсходняй Польшчы, прымыкаючы да Каралявецкай вобласці, знойдзены ўнікальны паганскі стод.

Археолагі з музея Кентжына (Kętrzyn), што ў Вармінска-мазурскім ваяводстве, знайшлі яго пры даследаванні археалагічнага комплекса ў Паганове (Poganowo) падчас мінулага археалагічнага сезону.

Паганова знаходзіцца на краі Галіндскай Пушчы, на даўнейшым сумежжы земляў прускіх плямёнаў — галіндаў і бартаў.

Даследаванні праходзілі ў межах трохгадовай праграмы «Раннесярэднявечнае засяленне прускай зямлі. Экалогія комплекса ў Паганове». Каардынатар праграмы —Марыўш Вычулкоўскі (Mariusz Wyczółkowski).

Даследнікі высветлілі, што паганоўскае гарадзішча акружалі валы з гліны і жвіру, якімі засыпалі каменныя канструкцыі.

Селішча адносіцца да культуры заходнябалцкіх курганоў — ІІІ-І ст. да н.э. Тут людзі жылі да ІХ ст. н.э.

Польскае навіновае агенцтва РАР цытуе М. Вычулкоўскага:

«Найцікавейшым адкрыццём другой фазы існавання гарадзішча стала антрапаморфная каменная скульптура, якая не мае аналогій на тэрыторыях прусаў. Скульптура складаецца з двух элементаў, якія выкананыя з аднаго і таго ж тыпу каменя — чырвона-карычневага граніту. Каменная галава скульптуры, з выразнымі рысамі твару і падбародкам, ставілася на буйнейшы камень, які выконваў функцыю тулава гэтай постаці».

Варта адзначыць, што найбліжэйшая да Паганова вёска называецца Божае.

Даследаванне паганоўскага археалагічнага комплексу працягваецца з 2005 года. Тады яно было выпадкова знойдзена арнітолагамі Славамірам Коралем (Sławomir Korol) і Тамашом Гасперовічам (Tomasz Gasperowicz), якія ў наваколлі вёскі Паганова шукалі гняздоўе белахвостага арла.

Кентжынскія археолагі высветлілі, што комплекс займае плошчу ў 5 га, ён уключае адно ўмацаванае селішча, адно неўмацаванае і два меншыя ўмацаваныя. Тамтэйшыя даўнейшыя прусы пры засяленні ўмела выкарыстоўвалі прыродныя асаблівасці наваколля — балоты і рэчку.

Знаходка двухэлементнага ідала — не першае адкрыццё, якое дало Паганова.

На самым пачатку даследавання гэтага комплекса знайшлі каменную бабу (каменны ідал з абліччам). Навіна тады была ў тым, што дагэтуль з тэрыторыі прусаў была вядомая 21 каменная баба, але не ў натуральным асяроддзі (пра іх было вядома самае ранняе з ХІХ ст.). Тут жа адкапалі скульптуру, якая стаяла ў каменным коле, што агароджвала пляцоўку, дзе знайшлі больш за 300 костак жывёл. Пасярод пляцоўкі быў невялікі курган, а побач — чатырохвугольнае вогнішча.

Такое культавае месца было ўпершыню адкрытае на землях старажытных прусаў. Яго датавалі перыядам Х-ХІІ ст. н.э. Селішча са свяцілішчам было раптоўна пакінутае — верагодна, з-за нападу крыжакоў.



Поиск

Журнал Родноверие