Падчас Свята песень на працягу ўсяго Дня фальклора прыхільнікі літоўскай прабацькоўскай веры падтрымлівалі агонь у ахвярніку.

У літоўскай Вільні працягваецца Свята песень, яно пачалося ў мінулыя выходныя і скончыцца 6-га ліпеня – на Дзень каранавання Міндоўга. Свята адбываецца раз на чатыры гады, а адначасова з літоўцамі святкуюць Свята песень і латышы.

3-га ліпеня ўвесь цэнтр Вільні гудзеў – ішоў Дзень фальклору. Пляцоўкі і пляцовачкі з фальклорнымі спеўнымі і інструментальнымі ансамблямі (усяго было больш за 6 тыс. удзельнікаў), што прыехалі з усёй Літвы, расцягнуліся па вялікай плошчы – ад Швінтарогавай (Катэдральнай) плошчы і да Сярейкішкскага парку (Бернардзінскага саду) у выгіне Віленкі-ракі. Быў і кірмаш, хоць з “казюкоўскім”, вядома, колькасць майстроў-гандляроў не параўнальная.

Сёлета “Дзень фальклору” пачалі з урачыстага запальвання вогнішча на метровай вышыні ахвярніку, складзеным з камянёў. Вогнішча запальвалі “рамувоўцы”, і потым – зусім як ахавальнікі агня на гары Шатрыі – чаргаваліся ўвесь дзень, падтрымліваючы агонь. Ад агня ў ахвярніку запалілі паходні, якія гарэлі на працягу ўсёй далейшай цырымоніі адкрыцця Дня фальклору. Многія на працягу дня падыходзілі, падкладалі дроў у вогнішча.

Дарэчы, агонь з Шатрыі на Дзень фальклору таксама давезлі – везлі яго шэсць дзён, на сапраўднай “брычцы”, запрэжанай двума коньмі “жамойцкай” пароды. Арганізатары Свята песень выдзелілі адмысловую пляцоўку “Ахавальнікам Шатрыйскага агня”, дзе ля ракі Віленкі палаў у жалезным ахвярніку агонь са знакамітай гары. На Дзень скокаў Шатрыйскі агонь урачыста вывезлі з коньмі на агляд усіх гледачоў.

Не абышлося і дробнага “ўколу” з боку праціўнікаў прабацькоўскай веры. Яны не толькі закулісна перашкодзілі на мінулым тыдні надаць у Сейме дзяржаўнае прызнанне “Рамуве”, але і дамагліся ўсталяваць за пару дзясяткаў метраў ад каменнага ахвярніка на Швінтарогавай плошчы складзеную з бэлек спаруду ў выглядзе гербу “Калюмны”, у якую пачапілі ўзятыя з розных касцёлаў званы. І раз-пораз чуўся звон, калі хтось цікаўны (найперш, вядома, дзеці) падыходзіў і трынькаў за “хвост” званоў.

І тым не менш гэта бадай упершыню так было, што на працягу цэлага дня палала вогнішча даўняй веры на вышэзным, прыкметным каменным ахвярніку – на месцы даўняга Перуновага свяцілішча, у даліне Швінтарога, дзе раней выгіналася рэчка Віленка, агінаючы цяперашнюю плошчу. “Рамувоўскі” агонь запальваўся і раней на Швінтарогавай плошчы, але каб палаць праз увесь дзень – не, такога не было. Паказальна, што гэта адбываецца якраз на фоне працэсу дзяржаўнага прызнання “Рамувы”.

Як бачым, прыхільнікі аднаўлення прабацькоўскай веры ў Літве шчыльна скаапераваныя з тымі, хто працягвае фальклорную традыцыю. Яны дапаўняюць адзін аднаго: першыя аднаўляюць сувязь “вертыкальную” – з даўнімі продкамі, другія ўмацоўваюць сувязь “гарызантальную” – сярод тых, хто культывуе дайшоўшыя да нас формы.

Без першых лёгка разгубіцца ў процьме тых дайшоўшых да нас формаў, але без другіх лёгка адарвацца ад народнай стыхіі (гэтая максіма дзейная для хоць якой краіны). Цешыць, што ў Літве гэта, менш ці больш, разумее ўлада, без якой злучыць гэтыя дзве рэчы было б шмат складаней.

“Рамува” — супольнасць балцкай веры ў Літве. Афіцыйна зарэгістраванай дзейнічае больш за 25 гадоў. Яе пачаткі сягаюць канца 1960-х, калі ў паваеннай Літве энтузіясты падпольна аднавілі святкаваць Купалле. Цяпер адбываецца працэс прызнання “Рамувы” літоўскай дзяржавай. У апошнім перапісе да “Рамувы” сябе аднеслі больш за 5 тыс. чалавек. Прыхільнік “Рамувы” — лідар цяперашняй кіруючай парламенцкай кааліцыі Рамунас Карбаўскіс. Узначальвае “Рамуву” — Інія Трынкунене, жонка засноўніка “Рамувы” Ёнаса Трынкунаса. У “Рамуве” падтрымліваюць балцкую ідэнтычнасць беларусаў.

Поиск

Журнал Родноверие