У рамках дзяржаўнага праекта плануюць вырабіць і прадставіць рэгіянальныя строі Латвіі з усімі-ўсімі рэгіянальнымі асаблівасцямі.

Ажыццяўляе праект Латвійскі цэнтр нацыянальнай культуры, сумесна з кампаніяй «Lattelecom». Праект ажыццяўляецца ў рамках падрыхтоўкі да 100-годдзя абвяшчэння Латвійскай Рэспублікі.

На сёння ўжо адкрылі поўнае ілюстрацыямі інтэрнэт-прадстаўніцтва праекту, таксама выдалі каляндар з працамі фотамастака Нілса Вільніса (іх вы бачыце тут).

У сувязі з праектам «Кожнаму свой народны строй» міністарка культуры Дацэ Мэлбардэ сказала:

«Гэта паказвае, што мы — нацыя з глыбокімі культурнымі каранямі, мы ганарымся сваёй культурнай спадчынай і жадаем перадаць традыцыі наступным пакаленням. Я радуюся, што дзякуючы нашаму руху са Святам песень і танцаў народны строй у Латвіі перажывае рэнэсанс«.

Старшыня праўлення «Lattelecom» Юрыс Гулбіс:

«Спазнаючы культурную спадчыну нашага народу, мы маем магчымасць зведаць пачуццё адзінства, а таксама ў гэтай разнастайнасці знайсці для сябе блізкае і асаблівае, сваю сувязь з духам народу. Гэты праект дазволіць кожнаму адкрыць для сябе свой народны строй і спазнаць мінуўшчыну сваіх мясцін».

На сёння ў каталогу «Кожнаму свой народны строй» дасяжныя больш за дваццаць фотасерый народных строяў — мужчынскіх, жаночых, дзявочых. Кожная серыя суправаджаецца каментарыем па асаблівасцях строю.

Тут сама падаецца магчымасць адразу замовіць строй, звязаўшыся (па е-мейле ці тэлефоне) з адпаведнымі майстрыхамі, што спецыялізуюцца на строі той ці іншай мясцовасці.

Што да даўніны строяў, адзначаюць:

«Народны строй, які мы ведаем сёння, з яго асаблівасцямі, уласцівымі асобным мясцовасцям, збольшага сягае другой паловы 19 стагоддзя.

Мужчыны былі першымі, хто ўжо тады перайшлі ад традыцыйнага народнага строю да класічнай вопраткі англійскага тыпу. Нязменнай засталася толькі традыцыйная тунікападобная кашуля. Жаночы строй да моды гарадскога тыпу перайшоў пазней, у другой палове 19 стагоддзя.

У канцы 19 стагоддзя ў народзе расце цікавасць да спадчыны сваёй традыцыйнай культуры, але ў шырокіх народных масах ужо дамінуе вопратка па тыповай гарадской модзе. У выніку было немагчыма здабыць поўны камплект народнага строю з адной мясцовасці і ад аднаго чалавека».

Месідж гэта ці не, але адным з першых мерапрыемстваў у рамках праекту «Кожнаму свой народны строй» стала дэманстрацыя рэканструяванага строю фінскага племя «водзь». Колькасць тых, хто па-ранейшаму ідэнтыфікуе сябе як водзь, на сёння ледзьве перавышае 100 чалавек. Даўней яны насялялі мясцовасць вакол цяперашняга Санкт-Пецярбургу. У Латвіі іх традыцыйна завуць «маскалікі» (крэвіні), бо пераселенай водзі было і ў Латвіі.

Поиск

Журнал Родноверие