Каталікі ўнеслі на разгляд літоўскага парламента папраўкі ў Закон аб рэлігійных супольнасцях. Прыхільнікі старабалцкай рэлігіі занепакоіліся.

Стала вядома, што з фракцыі хрысціянскіх дэмакратаў у літоўскім Сейме тыдзень таму падалі праект паправак у Закон аб рэлігійных супольнасцях і грамадах.

Змяніць прапануюць 6-ы артыкул Закона. У Літве ўсе рэлігійныя супольнасці падзеленыя на дзве часткі — рэлігіі прызнаныя дзяржавай (іх Закон называе «традыцыйнымі») і не прызнаныя дзяржавай («нетрадыцыйныя»). 6-ы артыкул вызначае, што рэлігія можа займець прызнанне дзяржавы (і называцца «традыцыйнай»), калі з часу рэгістрацыі яе грамады мінула 25 гадоў.

Праект паправак прадугледжвае павялічыць гэты тэрмін ажно да 75 гадоў.

У тлумачальным лісце да законапраекту гаворыцца:

«Падтрымка той ці іншай царквы, рэлігійнай арганізацыі ў грамадстве павінна быць трывалай і працяглай, таму нельга абмяжоўвацца нешматлікай групай людзей ці невялікай часткай грамадства, некалькімі дзесяцігоддзямі дзейнасці, адным-другім пакаленнем людзей. Падтрымка ў грамадстве павінна быць такой, каб у ёй не было ніякіх сумневаў. Трэба ўпэўніцца, што тая царква, рэлігійная арганізацыя сапраўды мае падтрымку ў грамадстве».

Яшчэ ў 1990-я «традыцыйнымі» ў Літве прызналі 9 рэлігійных грамадаў, і ўсе яны — рэлігіі адзінабожжа: каталікі, уніяты, лютаране, рэфарматы, праваслаўныя, стараверы, юдэі, мусульмане, караімы. Пазней прызналі яшчэ 2 пратэстанцкія супольнасці. Вось-вось прызнаюць яшчэ 2 грамады хрысціянаў-пратэстантаў.

Грамада старабалцкай веры «Рамува» была зарэгістраваная ў 1992 г. З тых дзясяткаў рэлігійных суполак, якія ствараліся ў пачатку 1990-х, «Рамува» — бадай адзіная (калі не казаць пра пратэстантаў), што працягвае дынамічна развівацца, галоўным чынам праз сямейныя абрады, якія праводзяць «рамувоўцы» і якія ўсё больш папулярныя ў Літве. Гэта змушае ў ініцыятыве хрысціянскай фракцыі ў літоўскім парламенце бачыць выпад, скіраваны супраць старабалцкай рэлігіі ў Літве.

Лідарка «Рамувы» Інія Трынкунене гэтымі днямі бярэ ўдзел у пасяджэнні Парламента рэлігій свету, што праходзіць у ЗША, і адгукнулася на гэтую навіну так:

«Грамада старабалцкай рэлігіі прызнаецца ў міжнародным рэлігійным кантэксце, імкнецца да міжрэлігійнага дыялогу і ў гэтым моцна падтрымліваецца грамадствам. Старабалцкая вера — неад’емная частка літоўскай гістарычнай ідэнтычнасці і цяперашняй ідэнтычнасці. Заданне і нас усіх, і літоўскага парламента — аднавіць гістарычную справядлівасць, прызнаўшы пераемнасць грамады старабалцкай рэлігіі і надаўшы ёй статус прызнанай дзяржаваю рэлігіі. Гэта і несумленна, і немаральна — ствараць штучныя перашкоды рэлігійным арганізацыям, якія ўжо цяпер маюць шырокую падтрымку ў грамадстве і законна імкнуцца да афіцыйнага дзяржаўнага прызнання».

Прызнанне «Рамувы» будзе значыць не толькі дзяржаўную падтрымку ёй як рэлігійнай структуры (памяшканні, пляцоўкі, афіцыйная прысутнасць і інш.). Каталіцкія дзеячы разумеюць: усе іншыя цэрквы — прышлыя, прыйшлі істотна пазней за хрост 1386 г. і выглядаюць «гасцямі». Тым часам прадаўжальнікі дахрысціянскіх рэлігійных традыцый, умацоўваючыся, аўтаматычна ставяць пад сумнеў і статус Каталіцкага касцёла як «гаспадароў», і эпітэт самой Літвы як «зямлі Марыі». А маральнае права звацца «гаспадарамі» альбо, наадварот, «гасцямі» — каштуе дорага.

Поиск

Журнал Родноверие