23 лістапада сход старэйшынаў літоўскай паганскай супольнасці «Рамува» прыняў рашэнне па лідарстве ў арганізацыі. Чаго чакаць?

«Рамува» не мела кіраўніка са студзеня 2014 г., калі памёр Ёнас Трынкунас, арганізатар краязнаўчага і фальклорнага руху ў Літве ў 1960-70-я гг., кіраўнік «Рамувы» ад самага заснавання, высвечаны на Крывіса Літвы ў 2002 г.

Сход вайдзілаў (старэйшынаў) «Рамувы» 23 лістапада ў Вільні прыняў рашэнне: кіраванне супольнасцю пераймае ўдава Ёнаса, Інія Трынкунене. Такога абраду па высвячэнні, як у 2002 г., не праводзілі, рашэнне прынялі на сходзе, агучылі падчас прэс-канферэнцыі ў памяшканнях Сейму Літвы.

Ёнас Трынкунас тытулаваўся як «Крывіс» (Krivis), Інія Трынкунене адгэтуль тытулуецца як «Крыве» (Krivė). Сярэднявечныя летапісныя крыніцы найвышэйшага святара ў дахрысціянскай рэлігіі старажытных прусаў называюць Крыве (Criwe), або Крыве-Крывейта (Criwe-Criweyto). У старапрускай мове, згодна з граматыкай, Крыве-жанчына называлася б як Kriwini (Крывіня).

Адзначаюць, што старапруская рэлігія была падкрэслена патрыцэнтрычная. Мяркуюць, у прусаў была рэлігійная рэформа, што падкрэсліла ролю мужчынскіх бостваў. Пруская трыяда багоў — мужчынскія персанажы маладога, сярэдняга і сталага веку. Жаночыя боствы, накшталт багіняў зямлі, шчасця, агня (у літоўцаў — Жаміна, Лайма, Габія), былі адсунутыя і не згадваюцца.

Аднак сучаснасць, як да гэтага ні ставіцца, дыктуе свае ўмовы. Паказальна, што за некалькі дзён да абвяшчэння новай лідаркі «Рамувы» афіцыйная лідарка Літоўскай Рэспублікі, прэзідэнтка Даля Грыбаўскайце падчас візіту ва Ўкраіну выявілася рэдкім для еўрапейскай палітыкі «ястрабам». Яна адкрыта назвала Расію «тэрарыстычнай дзяржавай» з «рукамі па локаць у крыві». Такой рэзкай рыторыкі, здаецца, не дазвалялі сабе нават польскія ўрадоўцы. І гэта выглядае на глабальныя гендарныя зрухі, праявай якіх можна лічыць і ўзначальванне «Рамувы» Крывіняй Ініяй Трынкунене.

Дадамо: на гэты момент у Літве і Латвіі тамтэйшыя парламенты ўзначальваюць спікеркі Ірэна Дзягуцене і Інара Мурніецэ, латвійская прэм’ер-міністарка — Лаймдота Страўюма.

Літоўская прэзідэнтка выразна прэтэндуе на ідэалагічнае лідарства ў блоку паміж Польшчай і Расіяй. Літоўская Крывіня ў гэтай жа парадыгме таксама, пры найбольш радыкальным збегу абставінаў у рэгіёне, можа сказаць сваё слова ў плане перафарматавання прыналежнасці (блокавай ці дзяржаўнай) некалі балцкіх земляў, у тым ліку тых, што цяпер знаходзяцца ў складзе Расіі.

Узгадаем, што Крывіс Ёнас Трынкунас заўсёды быў падкрэслена асцярожным, нават кажучы пра беларускія тэрыторыі, нават маючы падтрымку ўнутры Беларусі. З улікам непрадказальнай сітуацыі ў рэгіёне, а таксама з улікам паступовага абуджэння балцкай свядомасці на захадзе Расіі, на ўсходзе ад Літвы ад кіраўніцтва «Рамувы» чакаюць больш вызначанай пазіцыі і падтрымкі. Сувымернай пазіцыі прэзідэнткі Літвы. Чакаюць ад гэтага ці якіх наступных кіраўнікоў «Рамувы».

Што будзе пэўна ў «Рамуве», дык гэта, па-першае, працяг мяккага працэсу паганізацыі літоўскага грамадства — праз сямейныя абрады, і па-другое, не менш актыўнае пазіцыянаванне «Рамувы» ў сусветных этнарэлігійных раскладах (у рамках Еўрапейскага кангрэсу этнічных рэлігій, праз наладжаныя сувязі з індуістамі Індыі). Інія Трынкунене зарэкамендавала сябе як выдатная арганізатарка ў рамках гэтых двух накірункаў дзейнасці. Да таго ж лідарка-жанчына — гэта відавочна «плюс» у вачах гендарна «прасунутых» людзей на Захадзе.

Поиск

Журнал Родноверие