Неўзабаве пасля хрышчэння жамойтаў Вітаўт Вялікі пасадзіў дуб ля сядзібы Мінігайлы. Так Вітаўт заклікаў заставацца вернымі звычаям продкаў? Піша клайпедская газета «Vakarų ekspresas».

У лесе каля літоўскіх Цвераў (Tverai; каля Плунгаў у Жамойці) колькі гадоў таму адшукалі на стары безымянны дуб. У абхваце ён мае каля сямі метраў, што дазваляе дрэву ўваходзіць у дзясятку найвялікшых у Літве. Пры гэтым у спісах прыродных помнікаў дуб ніяк не пазначаны. Не ўзгадваюць пра яго і гісторыкі, хаця тут, на месцы былой сядзібы, захаваўся камень з выбітым надпісам па-польску. На камяні надпіс:

Уладальнік гэтай мясцовасці, Тамаш Антоній Пятроўскі, што паходзіў з роду Мінігайлы, фінансаваў будаўніцтва мосту, якое было скончана 3 ліпеня 1792.

Ад мосту цяпер не засталося і следу, а вось дуб так і просіцца, каб яго назвалі імем Мінігайлы. Але ў Літве ўжо ёсць Мінігелаў дуб, які другім па ўзросце пасля найбуйнейшага – Стэльмужскага. Таму гэтаму безназоўнаму дубу далі імя цяперашніх уладальнікаў земляў, цяпер гэта Манцірымаўскі дуб.

Народжаны ў 1932 Аляксандрас Монтрымас узгадвае, што некалі перад дубам быў немалы камень, на якім было выбіта, што дрэва пасадзіў 500 гадоў таму Вітаўт Вялікі.

Калі Аляксандрас меў шэсць гадоў, наёмныя нямецкія майстры пабудавалі вялікі хлеў для ўтрымання жывёлы ўзімку. У падмурак паклалі шмат навакольных камянёў, таму ня дзіўна, што той, што ляжаў побач з дубам, знік. Магчыма, што і цяпер ён схаваны ў канструкцыі будынку. Але і камень будзе не сведкам пасадкі Вітаўтам дуба, а толькі аргументам, што так магло быць. У тым, што такі запіс на тым камяні быў, Аляксандрас перакананы, ён згадвае, што яго бацька і дзед усё лаялі будаўнікоў, якія без іх ведама зрушылі камень.

Таксама дзед не аднойчы казаў, што сем пакаленняў яго сям’і жыла ў вёсцы Блюдалі (цяпер Акмянскіне), а гаспадарку тут яны набылі непасрэдна ў Пятроўскіх. Значыць, у тых самых, якія, згодна з запісам, паходзяць ад Мінігайлы.

Магчыма, што тыя Пятроўскія звязаныя з вядомымі расійскімі навукоўцамі – Барысам Пятроўскім і ягоным сынам Міхаілам — цяперашнім дырэктарам пецярбургскага Эрмітажу, які аднойчы ўзгадаў у інтэрвію, што яго бацькі, русіфікаваныя палякі, паходзяць з адной з заходніх расійскіх губерняў. Жамойць жа з’яўлялася такім краем, дзе ўсе багатыя жамойты паступова станавіліся палякамі. Пра гэта кажа і запіс на камяні

Але вернемся да Вітаўта Вялікага. Ці магчыма, што дуб быў пасоджаны ім?

Дакладны ўзрост дрэва вызначыць немагчыма з – за немагчымасці падлічыць гадавыя колы. Ляснікі лічаць, што яго можна вызначыць па тэмпах росту дыяметру дубу, які штогод павялічваецца на 3,5 – 4 мм. Варта таксама ўлічыць, што некалькі разоў рост дрэва мог запавольвацца з – за шкоднікаў, хваробаў, экстрэмальных варункаў надвор’я. З улікам гэтага год пасадкі дрэва можа вагацца ад 1390 да 1420, што з’яўляецца аргументам на карысць датычнасці вялікага князя.

Пры пошуку іншых варыянтаў варта ўзгадаць пра Мінігайлу і яго адносіны з Вітаўтам.

Гісторыкі кажуць, што Мінігайла быў адной з найбліжэйшых да князя асобаў, у некаторых рускіх летапісах яму нават прысвойвалі імя па бацьку Альгердавіч.

У драме “Скіргайла” пісьменніка Вінцаса Крэвэ дачка Мінігайлы кажа:

“Мой бацька Мінігайла – адважны шляхціц. У княскай радзе ён заўсёды сядзіць праваруч ад князя.”

Апрача таго, у працы “Жамойцкая знаць і палітычнае становішча ў Жамойці ў канцы XIV — пачатку XV стст.” Р. Пятраўскас кажа, што прадстаўнік нямецкага ордэну 30 ліпеня 1406 даслаў з Жамойці ліст маршалку, у якім адзначаў, што “найвышэйшыя прадстаўнікі краю Мінігайла, Кіркуціс, Ропе і Візбар прасілі не аддаваць іх Вітаўту”. Вучоны кажа, што тры з гэтых шляхцічаў неўзабаве падпарадкаваліся Вітаўту. Мінігайла ў 1412 стаў старэйшынам у Вялёне, а ў наступным годзе у Гародлі атрымаў герб “Сыракомля”. У той жа час яго брат Візбар вёў сведчыў на карысць Вітаўта ў спрэчцы з Ордэнам на працэсе пра межы. За гэта ў 1415 членаў гэтага роду ўзнагародзіў Вітаўт.

Цалкам верагодна, што гэтым падарункам маглі з’яўляцца і сучасныя землі вёскі Акмянскіне, бо ў 1411 г. аддадзенай Ордэнам ВКЛ Жамойці вялікакняскай ўладзе былі патрэбныя лаяльныя асобы.

У тым жа 1413 годзе, калі Візбар сведчыў на працэсе пра межы, Вітаўт з Ягайлам пачалі хрысціць жамойтаў. Пачалі ад Беціголы, скончылі на гары Шатрыя, адкуль да родавай сядзібы Мінігайлы і цяперашняга Манцірымаўкага дубу — толькі 28 км. Аддаючы належнае тым, хто падтрымліваў яго і мог забяспечыць падтрымку ў будучыні, не толькі шчырай падзякай у знак сяброўства, ад чаго Вітаўт наўрад ці мог адмовіцца. І, магчыма, таксама хацеў паабяцаць падарунак у будучыні.

Такім чынам, верагоднасць наведвання Вітаўтам у 1413 г. Мінгайлы і Візбара з пасадкай дубу з’яўляецца вялікай. Іншай датай можна ўважаць восень 1417 году. Тады Вітаўт прыехаў за 19 км ад Акмянскіне на асвячэнне бажніцы ў Варнях і заснаванне там біскупства.

Калі ў толькі што далучанай Жамойці гаспадар дзяржавы наведаў дом, ці мог ён у гэтай урачыстай сітуацыі пасадзіць дрэва? Мабыць, Вітаўт хацеў гэтым паказаць жамойтам, што ў палітычных мэтах ён адкрывае шлях хрысціянству ў Жамойці, але разам з тым застаецца верным продкам і заклікае ўсіх жамойтаў заставацца такімі ж? Гэты варыянт магчымы яшчэ і таму, што місіянера Ераніма Пражскага, які пачаў сячы святыя дубровы, Вітаўт выслаў з краіны.

А. Мантрымас таксама кажа, што дуб мае не толькі гістарычныя, але і містычныя таямніцы: калі вецер зламаў адну з яго галінаў, памёр ягоны бацька, калі другую – яго пакінуў брат. Ёсць і яшчэ адна не раскрытая навукоўцамі таямніца. А. Манрымас кажа, што некалі тут стаяў дом, які быў значна вялікшым за той. І ў падвале дома былі знойдзеныя чалавечыя парэшткі. У сувязі з гэтым можна меркаваць, што тут стаяла адна з першых жамойцкіх бажніцаў з могілкамі ці сядзіба заможных гаспадароў.

Застаецца загадка: ці сапраўды дуб пасадзіў Вітаўт? А калі садзіў, дык гэты дуб быў “апошнім паганскім” ці “першым хрысціянскім”?

Поиск

Журнал Родноверие