677 гадоў таму абаронцы Пілянскага замку пайшлі на той свет пад апекаваннем сваіх жрацоў — абы не патрапіць у рукі іншаверцаў-хрысціянаў.

25 лютага 1336 года крыжакі аблажылі замак Піляны (літ. Pilėnai, ням. Pillenen), які, паводле нямецкіх хронік, знаходзяўся ў трапянскай зямлі. Дакладна Трапянская зямля не лакалізаваная, але найверагодней гэта было ў Жамойці.

Крыжакам дапамагалі сілы з Нямеччыны, Бельгіі, Францыі, Аўстрыі.

Нямецкі храніст Віганд Марбургскі піша:

«Калі літоўцы ўбачылі, што не змогуць доўга вытрымаць і што іх умацаванні і загароды з-за пастаянных і няспынных нападаў праламаныя і ў некалькіх месцах амаль пабураныя, яны запалілі вялікае вогнішча, скінулі туды ўсю маёмасць і скарб, потым задушылі жанчын і дзяцей, паклалі іх у агонь, потым пачалі забіваць адзін аднаго. Адна старая вядуння сякерай забіла 100 з іх, а потым забіла сама сябе. Найвышэйшы правадыр Маргір, як вялікі моцны волат, бараніўся і ссёк яшчэ шмат галоў, пакуль не пажадаў адмовіцца ад сваёй. Ён пабёг у хованку, праткнуў там сваю жонку і ўкінуў у агонь. Паганцы схілілі перад ім свае шыі, і кароль усіх забіў. Потым гэтай жа зброяй ён сам ткнуў сабе ў жывот, каб адтуль вылезлі кішкі, упаў побач з жонкай і выпусціў дух. Цвярдыня была спаленая, зруйнаваная да падмуркаў і зраўнаная з зямлёй».

Лідар літоўскай Супольнасці балцкай веры Ёнас Трынкунас у тэксце «Піляны з намі» (2011 г.) напісаў пра абарону Пілянаў:

«Гісторыю Пілянаў даследуюць найбольш гісторыкі. Толькі Гінтарас Бераснявічус паспрабаваў паглыбіцца як рэлігіязнаўца. Літоўскае грамадства інтуітыўна зразумела, што Піляны — гэта былі самаахвярныя абаронцы Літвы. Таму ім гонар і слава. Аднак, хочучы зразумець гісторыю Пілянаў, трэба спрабаваць высветліць светапогляд і рэлігію абаронцаў.

У той час Літвой кіраваў кароль Гедымін. У Вільні палаў алтар з Вечным Агнём і найвышэйшым боствам быў уладар Пяркунас. Літоўская рэлігія ўжо не была толькі рэлігіяй багоў мясцовых супольнасцяў. Старая рэлігія аб’яднала ўсіх літоўцаў. Гэта была тая ж рэлігія, якую вызнавалі прусы, яцвягі, жамойты і іншыя балты. Сёння мы яе называем балцкай рэлігіяй. Літоўцы выразна бачылі, што здарылася з прусамі, якіх паняволілі хрысціяне. Агрэсія дасягнула нёманскіх берагоў, якія сталі бадай неадольнай абарончай мяжой. Літоўская дзяржава ўжо мела сваіх дасведчаных вайсковых правадыроў. Гэта Сударг, які доўгі час вытрымліваў ваенны ціск на левым беразе Нёмана. Гэта правадыр Калойнскага замку Сурмін. Гэта абаронцы вялёнскіх замкаў. Наймацнейшыя заходнееўрапейскія воіны не змаглі іх перамагчы. Магутны Пяркунас неаднойчы паказваў, што здольны адбіць уварванне хрысціянскіх багоў.

Піляны былі адной з абарончых цвярдыняў. Дзе яны былі? Ці ля Нёмана, ці ў Жамойці — гэта не мае вялікага значэння. Гістарычныя звесткі кажуць, што бараніліся паўсюдна. Рэдка калі замак аддавалі без супраціву, хіба што з’яўляліся здраднікі. Г. Бераснявічус пісаў, што ў 1336 г. пілянцы не былі самагубцамі. «Руку супраць сябе па праўдзе ўзнялі толькі дзве асобы — таямнічая старая і сам Маргір. Іншых яны забілі з іх згоды». Але і іх самагубства мела рытуальны характар. Прускі храніст Каспар Шуц пазней пісаў: «Літоўцы наважыліся лепш прыняць найстрашнейшы канец, чым здаць замак і патрапіць у рукі ворагаў, асабліва з-за рэлігіі ворагаў, якая для іх была зусім чужой, таму яны выбралі для сябе смерць».

У крытычнай сітуацыі, калі больш не застаецца ніякага выйсця, ёсць магчымасць пайсці ў свет багоў ці продкаў. У бітве могуць здарыцца дзве страшныя рэчы — можна пазбыцца абодвух светаў, бо прайграўшыя бітву воіны пазбаўляюцца гэтага свету, а баязліўцы, якія ўцяклі або здаліся ворагу, пазбаўляюцца яшчэ і таго (дзядоўскага) свету. Гэтак мыслілі і воіны з індыйскай «Магабгараты».

У гісторыі вядомыя выпадкі масавай добраахвотнай гібелі і ў іншых народаў. Вядомае самаспаленне індыйцаў-раджпутаў — абаронцаў замку ў Чытаргары, ды яўрэяў — абаронцаў Масаду. Гэтыя і іншыя гістарычныя выпадкі з пашанай згадваюцца і лічацца нацыянальнымі сімваламі.

Літва мае свае традыцыі Пілянаў, але рэлігійныя супярэчнасці не дазваляюць адназначна ўшаноўваць гістарычных абаронцаў і герояў народу. Улетку 2010 г. у Вялёне была ўсталяваная скульптура багіні Вялёны. За гэта трэба дзякаваць не толькі некалькім энтузіястам, але і самім жыхарам Вялёны. Задума скульптуры і яе ажыццяўленне адбывалася вельмі цяжка. Узніклі «адукаваныя» каталікі, якія леглі крыжма, каб толькі не паставілі паганскай багіні. Тым не менш воляю большасці жыхароў мястэчка — каталікоў — скульптура ўзнікла. Бо багіня Вялёна апекавалася загінуўшымі абаронцамі вялёнскага замку.

Ушанаванне змагання ў Панёманні яшчэ чакае належнага ўвекавечвання. Ля Сударгавага кургана пару гадоў таму быў усталяваны сціплы помнік абаронцам Сударга. Гісторык Р. Батура ўжо даўна клапоціцца, каб паставіць помнік абаронцам Нёмана. А хто парупіцца помнікам военачальніку Сурміну?

Пілянскае геройства — гэта прыклад самаахвярнай вернасці сваёй Айчыне, свайму Народу і сваёй Веры. Піляны не пакідаюць абыякавымі, яны дагэтуль уздзейнчаюць настолькі, што на іх дагэтуль працягваюць нападаць і спрабуюць перамагчы крыжакі ўжо ХХІ стагоддзя. Тыя працягваюць турбавацца, як знішчыць гонар Пілянаў, каб ператварыць іх у баязліўцаў і дурняў. Вось жа, ажно два члены літоўскай Каталіцкай навуковай акадэміі парупіліся, каб зрабілася вядомай і была прэміяваная кніга, у якой з Пілянаў нібыта здымаецца карона. Але з гэтага не трэба здзіўляцца, бо сам каталіцкі касцёл Літвы дэманструе непавагу і знявагу да алтара Вечнага Агня, які захаваўся ў падзямеллі Катэдры.

Аднак Вечны Агонь у нашых сэрцах не згас. Багіня зямлі Жаміна захоўвае кроў і попел абаронцаў Пілянаў, а неўміручая моц іх душаў дае сілы тым, хто ідзе шляхам дзядоў. Крочым жа як мага смялей, не зважаючы на злосць крыжакоў ХХІ стагоддзя. Піляны з намі».

24 лютага на верагодным месцы Пілянскага замку — на Білёнскім гарадзішчы пад Шылале — адбылося грамадскае ўшанаванне абаронцаў Пілянаў. Мерапрыемства было арганізавана Білёнскім староствам, Таварыствам жамойцкай культуры і дырэкцыяй Варнаўскага рэгіянальнага парку. Удзельнікі спаборнічалі ў кіданні баявых сякераў, танцавалі, спявалі. Былі воіны на конях.

У гэты ж дзень у Вільні на Гары Гедымінавай магілы «Маладзёжная Рамува» таксама праводзіла абрад па ўшанаванні абаронцаў Пілянаў, гукаючы старых літоўскіх багоў.


У Літве абарону Пілянаў ведаюць досыць добра. Бадай так жа сама, як правадыра прускага паўстання ХІІІ ст. Геркуса Манта (Мантэміна).

У 1956 годзе там была пастаўленая опера «Піленай», якую напісаў кампазітар Вітаўтас Клова (Vytautas Klova). Оперу паказвалі па ўсёй рэспубліцы, у тым ліку ў сельскіх ДК — а за ўвесь час яе паставілі больш за 350 разоў. З 2001 года яе штогод паказваюць у Троцкім замку.

А за сто гадоў да таго, у 1855 годзе, у Вільні выйшла паэма Ўладзіслава Сыракомлі «Маргер: Паэма з гісторыі Літвы» (Władysław Syrokomla. Margier: poemat z dziejów Litwy).

Найбольш напружаны момант пілянскай трагедыі Сыракомля апісвае так (падаем беларускі пераклад):

Бой трывае, цвярдыня палае – літва сабе радзіць:

Пасярэдзіне пляцу ахвярнае вогнішча ладзяць.

Жудкі роспачы енк дасягае самога падзем’я;

Йдзе вядуння, а з ёю багі, быццам прывіды з цемры.

Яе дух узмацнеў, яна Зніч назаўжды загасіла,

З яго іскры апошняй раздзьмула агонь з усёй сілы.

А крыжак на ўсё тое няўцямна здаля пазірае:

Грудзі вояў сякерай страшною ўскрывае старая.

Пад лязом вайдэлоткі літвінскія шэрагі таюць,

Хто сканаў – аднаго на другога, як дровы, складаюць.

Дзеці грознай Літвы, што ад роспачы й шалу п’яныя,

Забіваюцца самі, у вогнішча скачуць жывымі.

Не адзін літасць страціўшы бацька сярод тлуму й дыму

Немаўля сваё выхапіў з зыбкі і ў вогнішча кінуў.

А матуля выцягвае ды паўспалёнага корміць;

Той ідзе і яе ўбіць – яна нежывая ўжо з гора.

Маргер кажа у трубы зайграць святарам сваім гучна,

Каб узняць у тых, хто йдзе ў ахвяру, іх духу рашучасць.

А сам з колькімі мужнымі сцены цвярдыні абрынуў,

Каб упалі на немца й літва мела лішняй хвіліну –

Яе лёсам спаўняцца ў не бачанай светам ахвяры. –

Дык не ўбачыш, чужой веры носьбіт, ні здрады, ні свары!

Поиск

Журнал Родноверие