У цэнтры Маладзечна паставілі скульптуры з каменя. На пастамент для адной з іх узялі, выглядае, камень-следавік.

Сквер каменных скульптур

Каля цэнтральнай плошчы Маладзечна, за Домам культуры ў жніўні заклалі сквер пад назвай «Мелодыя камянёў». Яго склалі сем твораў скульптараў, якія працавалі над імі падчас пленэру «Вернісаж камянёў», што праходзіў у Маладзечне на працягу ўсяго жніўня.

Усе сем твораў зробленыя на адну тэму — музыка, музычныя інструменты. Тым больш з аднаго боку ад сквера — музычная вучэльня, з другога — музычная школа.

Паўстала тут і скульптура пад назвай «Дуда» — праўда, скульптар з Расіі выявіў, зразумела, не нашу, беларуска-літоўскую дуду, а шатландскую, з трыма бурдонамі ўгору.

Следавік пад пастамент

Але не толькі тая «Дуда» прыцягвае ўвагу ў тым скверы. З іншага боку пляцоўкі — скульптура з выгравіраванай скрыпкай, аўтарства Вадзіма Мацкевіча. У якасці пастамента для большага каменя — камень з выразна бачным «слядочкам».

Такія камяні навукоўцамі называюцца «следавікі», а народам — ушаноўваюцца. Кажуць, што след пакінуў той ці іншы звышнатуральны персанаж, часцей «чорт» (або, пад пазнейшымі уплывам, якісь іншы персанаж, ужо з царкоўнага арсеналу).

Адкуль узяўся гэты камень? «Маладзечанская газета» пісала:

«На месяц тэрыторыя зелянгаса стала майстэрняй пад адкрытым небам. Напачатку кожны з творцаў выбраў сабе камень, а тое і некалькі. Магутнай тэхнікай іх перавезлі з палёў і абмежкаў у горад».

Камень, які ўздзейнічае

З Маладзечанскага раёну, здавалася б, камянёў-следавікоў не вядома, таму з намоленага якога месца сцягнуць не маглі.

Але адметная рэч: пачаўшы фатаграфаваць гэты пастамент са слядочкам зблізу, электроніка пачала «збоіць». На экране фотаапаратуры раптам узнік «каляровы снег», чаго з гэтай тэхнікай дагэтуль не здаралася. Праз нейкі час, аддаліўшыся ад каменя, усё ўнармавалася.

Гэткая рэакцыя электронікі ў прысутнасці такіх аб’ектаў — даволі вядомая спецыялістам, яе звязваюць з «выпраменьваннем», якое, аднак, фізічна зафіксаваць не заўсёды ўдаецца.

На шчасце, аўтарская задума пры стварэнні той «скрыпкі» не прадугледжвала істотнай дэфармацыі каменя са слядочкам. Сцясана толькі трохі зверху. Таму можна сказаць, што ў выніку гэтых усіх пертурбацый у цэнтры Маладзечна змясцілі камень-следавік, які да таго ж і робіць пэўнае ўздзеянне.

Адкуль ушанаванне

Чаму ў народзе такія камяні ўшаноўвалі? Калі кажуць пра які-небудзь «след божай маці», дык гэта пазнейшае. Бо святыя камяні — не толькі каторыя са слядочкамі на іх.

Вядомыя такія, каторыя называюцца крэсла, стол, печка, лазня, нават талеркі. Вядома ж, ніякія «божыя мацеры» там ні паесці не сядаюць, ні печак не распальваюць.

Часцей такія камяні звязвалі з «чортам». Але, вядома, не біблійным, а тым даўнейшым, які богаў брат, валадар матэрыі і яе цяперашняга засяроджання — падзем’я. (Як вядома, за яго часам і паверхня зямлі была пластычная, і камяні.)

Такія камяні і адлюстроўвалі яго рэальнасць — з яго прадметамі і аб’ектамі.

Да такіх камянёў хадзілі, да іх дакраналіся, ім ахвяроўвалі. Вось і ў маладзечанцаў цяпер з’явілася такая магчымасць без таго, каб з’язджаць з горада. Зусім як у мінчан, якія ходзяць-ахвяруюць каменю з Менскай малельні, які цяпер у Парку валуноў.


Чортава лазня. Фота Рымвідас Чырба


Чортаў стол


Чортава крэсла


Блюды


Вёска Матылі Ўдомельскага раёну (Цвершчына)


Следавік з Баброў, Гродненшчына

Если заметили ошибку, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter

Поиск

Журнал Родноверие