Пра гэта «Свайксце» распавядае разьбяр-аўтар стода Перуна, які ставілі ў цэнтры Кіева.
Працягваем тэму ўкраінскіх стодаў Перуна — на тым тыдні Перун стаў на базе палка «Азоў» у Марыюпалі.
Улетку 2013 года ўкраінскія пагане рабілі другую спробу паставіць на гістарычнай Старакіеўскай гары стод бога-грымотніка Перуна.
Дзевяць Перуновых сыноў
Выразаў стод разьбяр Антон Лубій. Прапанаваны ім вобраз, як і форма стода, адрозніваліся ад таго, што прынята ў неапаганскім «багаробстве». Напрыклад, у ніжняй частцы стоду былі выяўлены дзевяць сыноў Перуна.
Антон Лубій каментуе для «Свайксты»:
«Вобраз сыноў Перуна я ўзяў з кнігі «Латышскія дайны», гэта зборнік латышскіх і літоўскіх абрадавых і міфалагічных песень.
Я вырашыў выкарыстаць сюжэт з адной з тых песень і выявіць дзевяць сыноў Перуна ў выглядзе русічаў і казакоў са шчытамі, сякерамі і мячамі.
Гэта мая такая творчая інтэрпрэтацыя. Статуя не ёсць кананічнай выявай. Я сабе і не ставіў за мэту рабіць копію таго Перуна, які апісваўся ў летапісе. Пры гэтым шмат якія сімвалы і веды, якія я выкарыстаў пры стварэння, — аўтэнтычныя».
Натхніла гэты вобраз адна з латышскіх песень: «У бацькі Пэрканса дзевяць сыноў: трое б’юць, трое паляць, трое голас падаюць» (арыгінал: Pērkona tēvam Deviņi dēli: Trīs grauda, trīs spēra, Trīs zibineja).
Кола з шасцю спіцамі
Таксама і на шлеме ў Перуна быў знак — кола з шасцю спіцамі, а гэты знак таксама пашыраны ў прыбалтаў, асабліва на пралках. Адпачатку Антон Лубій хацеў на тым месцы выявіць больш звыклую ў сучасных паганаў шасціканцовую свастыку, але потым зрабіў інакш:
«Такі сімвал ёсць у нас у цэнтры Ўкраіны і на захадзе Ўкраіны, кола з шасцю спіцамі — «грамавік», ён дужа папулярны на побытавых рэчах, выяўляўся ў хатах. Я вырашыў выявіць яго, бо людзям такі сімвал больш звыклы і зразумелы».
Балцкая спадчына Сумшчыны
Разьбяр Антон Лубій — жыхар Львова, хоць паходзіць з Ромнаў, што пад Сумамі, гэта паўночны ўсход Украіны.
Дык ці не таму ягоны Пярун — з «балцкім характарам», што на Сумшчыне — дужа старажытнае гняздо рэчак з балцкімі назвамі? Вядуга (Vedega), Варгол (Vargupys), Асмань (Ašmena), Дзявіца (Dievytis), Лубенка (Lubonė), Романь (Ramunė)…
Стод Перуна аўтарства сумска-львоўскага разьбяра прастаяў тады на ключавым месцы Кіева менш за суткі. Але свой след пакінуў, думаецца, назаўсёды.