У адноўленым Палацы ўладароў пакажуць музычна-харэаграфічную пастаноўку пра балцкія плямёны.

На тыдні ў Вільні праходзіць Свята песні. Гэтае тыднёвае мерапрыемства адбываецца кожныя пяць гадоў. Сёлета – 90-я ўгодкі першага правядзення Свята песні ў Літве. Гэтае мерапрыемства мае дэвіз “Тут – мой дом”.

Сярод пунктаў праграмы — тэатралізаваная прэм’ера 4 ліпеня ў двары Палаца ўладароў.

Прадстаўленне стварылі рэжысёрка і харэограф Агнія Шэйко і кампазітар Антанас Ясенка. Будуць відэа-інсталяцыі, паэзія Ёнаса Айсціса (даваенны і эміграцыйны літоўскі паэт).

Рэжысёрка А. Шэйко кажа:

“На жыццё сямі балцкіх плямёнаў паспрабуем зірнуць праз сустрэчу і жыццё мужчыны і жанчыны, праз змену часін года, праз прыгажосць і веліч прыродных стыхій. Шчасце і правіны тагачасных людзей, шуканні і знаходкі дапамогуць гледачам крыху бліжэй наблізіцца да незвычайна ўражлівага перыяду архаічнай гісторыі Літвы”.

Харэограф кажа, што сучасны танец дазваляе асабліва тонка перадаць ідэі і сімвалы – святасць, што прыхоўваецца ў штодзённасці чалавека, сям’ю, таямніцу ўзнікнення племя, этна-пляменную тоеснасць.

Падчас паказу будуць задзейнічаныя вялікія валуны. Паміж імі і будзе разгортвацца гісторыя куршаў, селаў, яцвягаў, земгалаў, жамойтаў, аўкштайтаў і зямгалаў. Вопратка адноўлена археолагам Дайвай Сцепанавічэне.

Гэта не першы раз, калі ў цэнтры Вільні ладзяць тэатралізаваны паказ па паганскіх матывах. Дзесяць гадоў таму, у верасні 2004 г., на галоўнай віленскай плошчы, каля каталіцкай Кафедры і побач з месцам свяцілішча Пяркунаса, зладзілі фолк-містэрыю «Кветкі маланкі», на якую вельмі абураліся ксяндзы.

Поиск

Журнал Родноверие